Уявіце сабе ўніверсітэт без студэнтаў. А студэнтаў без універсітэту? Сёння атрымліваецца так, што як раз студэнты — галоўны элемент ВНУ — маюць менш за ўсё ўплыву на сваё навучанне: яны не абіраюць выкладчыкаў і прадметы, ходзяць на суботнікі і галасаванне па загадзе адміністрацыі, а за непаслухмянасць можна атрымаць вымову ці горшае месца падчас размеркавання.

Мы верым, што не ўсе студэнты задаволеныя існуючым станам рэчаў, але што мы можам зрабіць у такіх умовах, калі Мінстэрства адукацыі і слухаць не хоча простых студэнтаў альбо незалежныя студэнцкія арганізацыі? Толькі танчыць! Таму сёння, і заўтра, і да перамогі мы, студэнты розных ВНУ і пакаленняў, #танчымЗаРэформы!

Калі ты хочаш сапраўды якасную адукацыю і незалежныя студэнцкія органы самакіравання, калі ты больш не можаш сядзець на сумных і састарэлых занятках, а вечныя паборы на бессэнсоўныя прафсаюзы і брсмы абрыдлі да такой ступені, што проста злосці не хапае — дзейнічай па наступнай схеме:

1)  вазьмі тэлефон/фотаапарат/відэакамеру, якасць не мае значэння – галоўнае настрой!

2) станчы на фоне свайго ўніверсітэта з сябрамі або сола і заздымі гэта ўсё;

3) запосці ў сваіх акаўнтах сацсетак відос з хэштэгам #танчымЗаРэформы #danceForReforms і выклічы 3 сваіх лепшых сяброў зрабіць тое самае;

4)  сачы за рэакцыяй Міністэрства адукацыі 😉

Танчы, каб сістэма вышэйшай адукацыі змянілася, далучайся да флэшмобу, пакажы Міністэрству адукацыі, што табе не ўсё роўна, дзе і як ты вучышся!